КУПІ́СКІЯ БАІ́ 1944,
баі партыз. брыгад Першамайскай і імя Суворава па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў в. Купіск Любчанскага р-на (цяпер у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл.). Гарнізон быў буйным абарончым вузлом, які блакіраваў партызанам выхад цераз Нёман у Любчанскі р-н. 17 чэрвеня 3 штурмавыя групы партызан раптоўна атакавалі гарнізон, пашкодзілі 2 дзоты, захапілі 2 станковыя і 2 ручныя кулямёты, 22 вінтоўкі. У час бою партызан М.А.Белуш закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. Неўзабаве фашысты аднавілі дзоты і ўмацавалі абарончыя збудаванні. У ноч на 2 ліп. партызаны фарсіравалі Нёман і акружылі Купіск. Пасля непрацяглага бою гарнізон здаўся ў палон.
т. 9, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)